суббота, 4 февраля 2017 г.

Іншая справа – людзі няісныя. Даражок любіў выдумваць людзей і гутарыць зь імі. Часта, зачыніўшыся ў сваім пакоі й з агідай слухаючы, як хорам рагоча гаспадарская сям’я ад казыткі чарговага кавээну, ён, дыхаючы часта-часта, як дварняк на сьпёцы, ня маючы моцы ў нагах дабрацца да ложку й выратавальнага супрацьгазу падушкі, прысланяўся ілбом да дзьвярэй і прыдумваў, прыдумваў, уяўляў: міліцыянтаў, сакратарак, бандытаў, мастакоў, прастытутак, дырэктарак кінатэатраў, прыбіральшчыцаў, прыдумляў сабе братоў і жонак, сыноў і дачок, выклікаў зь нябыту неімавернага асабістага лекара, або ўласнага ката, або фанабэрыстага шэфа, зь якім зараз жа давядзецца размаўляць, – прамінала хвіліна, і ў пакоі зьяўляліся іхныя дзіўныя постаці, якім было адведзена на жыцьцё роўна столькі часу, колькі зь імі жадаў гаварыць іхны стваральнік; Даражок пачуваўся ў гэтых гутарках надзвычай упэўнена, яго нават п’яніла тая нечаканая лёгкасьць, што нараджалася ў словах і гэстах; бадай, у гэтым сьвеце яго лічылі цынічным балбатуном. Але за сьцяной зноў ванітавала ад сьмеху ягоных гаспадароў, убогія, бляклыя галасы паўтаралі і абсмоктвалі нейкую пошласьць – вось хто быў напраўду жывы, вось хто быў рэальнасьцю. А здані зьнікалі – як не было.

Змрочныя думкі пра тэлефонную кабінку на паштамце пакрысе зьнікалі – усё ж моцна прыкутыя дзьвюхногія да зьменаў прыроды, варта сонцу зьявіцца, і можна здымаць вяроўку.


Усё скончылася там, дзе й пачыналася – ля дзьвярэй, якія я, як высьветлілася, не замкнуў. Што пабачыў бы сусед, завітай ён па нядзельнай завядзёнцы ў маю сумную кватэру, убогі бярлог удаўца... Нявіннае боко-мару на ледзяным ложку, такім халодным, нібы ён ўляцеў у вакно перад самым нашым прыходам; нерухомую й выпрастаную, як мумія, І, якую я ўціскаў у люстра, прагнучы зрабіць яе сваім адбіткам; І на маіх руках у карагодзе сьценаў; хованкі ў вузкай і цеснай лазьніцы; яе галаву, якая зьвісала з края канапы, як пясочны гадзіньнік, напоўнены крывёй; ці, можа быць, асьцярожнае пасоўваньне па перадпакоі, упрытык са сьцяной – бы па тратуары запруджанай машынамі вуліцы... Цяпер я глядзеў на яе са зьдзіўленьнем, спрабуючы ўзгадаць, дзе ж бачыў раней гэтую жанчыну, антырэклямную, антытэлевізыйную, амаль антычны мармур, са скрадзенымі шарай гадзінай каштоўнымі часткамі, ушпіляную прышчыкамі, мікраскапічным шнарамі, марсіянскімі каналамі мутных венаў, лёгкай дробнай сеткай зморшчынак, імгненнымі ценямі, што перабягалі, нецярпліва выцягваючыся ўперад з-за недахопу хуткасьці, ад левай грудзі й саскоквалі са сьцягна ў бездань. Няўжо гэта яе целам я нішчыў толькі што павуціньне свайго ранейшага жыцьця?

ад паголеных аконных броваў, ад шызых простакутнікаў пылу на паркетным узоры, ад павуціньня, якое апынаецца такім трывалым і рвецца толькі на сярэдзіне калідору. Ад ліхтарнага сьвятла, якое яшчэ ўчора разьбівалася аб драўляныя дамбы шафаў, а цяпер нарэшце здолела выкласьці свой нескладаны малюнак на забароненую роўнядзь.
Усё меней укрыцьцяў для ворана, усё меней крэслаў для стомленых, усё меней падключаных да сеткі рэчаў. Адчыняюцца ўсе тайнікі, і адтуль выходзяць падсьлепаватыя маленькія стварэньні ды машуць нам доўгімі хударлявымі рукамі. Прастора няўхільна рэпрадукуе сама сябе, і вось ужо непражаванае жыльцамі рэха ліхадзейным колам куляецца-коціцца па дывановых калюгах. Аднак мы маем яшчэ трохі часу.

Бананавыя сем’і, што счапілі жоўтыя рукі ў прадчуваньні немінучага; непрыстойнасьць ківі; амаль каўбасныя палкі галяндзкіх, вечна сьвежых агуркоў, не падлеглых нават страваваньню. Золата й бронза яблыкаў; матылі цыбулі ў сачках авосек. Бруд бульбы й морквы. Мы ідзем далей, гнусавячы й фатаграфуючы. Рахат хлебу, лукум кандытарскага адзьдзелу. Булачкі “Бэрлінэр”, ільсьністыя, ліпучыя. Мультфільмавы рай малочных прадуктаў. Публічны дом вэнджаніны, мясны бардэль.

- Праклятыя госьцi сталiцы, А. Бахарэвiч

Комментариев нет:

Отправить комментарий