пятница, 30 сентября 2016 г.

сплеценыя веі.

гэтае месца патанула ў жоўта-памаранчавай фарбе за восем дзён. я назіраю апошнія кавалкі зялёнай сушы - елцы чужая сьмерць. нехта атручваў у школе пацукоў - пах чужа-прыемнай сьмерці зыходзіць са жбаноў, лапцяў, каласкоў-церухі, кніжных дзьверцаў. 
мне прыемна тут. што зараз, што крыху болей пяці год таму, калі я ўпершыню ўскараскалася па прыступках да ўваходных дзьвярэй будынку колеру адплясканага азадку цнатлівай дзяўчыны. з таго самага імгненьня я адчула, што ўвайшла ў прытулак, які ўзьвялі спэцыяльна для мяне. тут настаўнікі пастаянна сядзяць па сваіх клясных кабінэтах - загадзя зьвітых маленькіх гнязьдзечках - і выходзяць толькі па тое, каб узяць журнал пэўнае клясы. толькі сівізна людзей, што жывуць тут, з гадамі ўсё больш заўзята спарадычна разьлятаецца па галовах.  
усё тыя ж сьвяты, якія вылучаюцца з маёй звычкі "ня чуць-ня бачыць-рабіць сумуючы выгляд" і пераўтвараюцца ў зусім недарэчнае жаданьне назіраць за кожным намёкам на рух любога, хто тут сабраўся. 
пяць год таму мы бегалі з кірушам па бязьлюднай школе а шостай гадзіне вечара і крычалі на ўсё горла, забягалі ў настаўніцкую - націсканьне пальцам кнопкі званку за дзьвярыма на працягу чатырох хвілін. мы былі ап'янелыя ад улады і анархіі, якую ўвасаблялі ў жыцьцё ў тое імгненьне. 
неяк аднойчы мы спусьціліся на першы паверх падчас форткі і я, як сьлед не разабраўшыся зь весялосьцю, што нахлынула на мяне, стала па-хамячы, з сумбурам у жэстах, намотваць на галаву папяровыя рушнікі, якія віселі каля ракавіны ў прыхожай-галерэі. кіруша зьдзіўлена глядзеў і, сінхронна з гэтым, выдаваў ухваляючыя воклічы. як раз у гэтую хвіліну спусціўся пётр мяфодзевіч. дырэктар спачатку ўпотай назіраў за намі з-пад зводу аркі, а пасьля стаў хіхікаць і жмурыць вочкі - ўсе трое расплыліся ў адчуваньні адзінства зробленай змовы. 
соф'я ісаакаўна пытае мяне па сканчэньні сьвята нешта накот знаходжаньня мяне цяпер "па гэты бок барыкадаў". я хачу абняць яе ў адказ. хачу абняць ня толькі яе, але і ўсіх людзей тут. 
падымаюся ў клясу. там лёша сустракае мяне са словамі "зараз-зараз..." і напаўняе пакой шуршаньнем вялізнага белага пакета, набітага цукеркамі, вафлямі і іншымі прысмакамі, якія далі ўсім дзеткам да сёмай клясы ўключна. ён вымае мне адну зь іх. я заціскаю яе ў руцэ, кісць акунаецца ў чорную воўну таўсьценнага швэдара. выходжу на вуліцу, дарма спрабуючы адшукаць цімафея і яго аднаклясьніка, якому не дасталося цукерак (цімафею я аддала сваю, якая перапала мне ў настаўніцкай празь іх лішак у белых пакетах вучняў). цёплая цішыня паглынае мяне, сонца лянотна асьвятляе нешта. прыемна пахне з двара школы гарам кастра і гнілым лісьцем. пляскае гук плястыкавых уваходных дзьвярэй - два васьмігадовыя хлопчыкі прыклалі для гэтага толіку сваіх сіл, сфакусавалі яе ў далонях. 
крыху жмурычыся, яны затрымліваюцца пры спуску з ганку.
 - ооо...   ведаеш, так...  - ня можа адшукаць словаў хлопчык, чыё верхняе павека правага вока заўжды закрыта і друзлай грузнасьцю расплываецца на ніжнім. вейкі ў двух шэрагах спляліся паміж сабой - правы вокавы яблык ніколі ня ўбачыць сьвятло. смаляныя валасы і арнамэнтаваная камізэлька колеру таплёнага малака, зробленая рукамі, гарманічна завяршаюць зранены хударлявы выгляд. мне падабаецца.
- так... я яшчэ на мінулым перапынку заўважыў, як выходзіў...  што сёньня цёпла,
- адказвае іншы, паварочваючы ў бок двара, ідучы за пахам кастра. яны брыдуць па васпаватай сьцежцы, адлюстраваньне сонца ў шкле галерэі расьцякаецца па іх адыходзячых фігурах.



Комментариев нет:

Отправить комментарий