пятница, 17 апреля 2026 г.

чазенія, уладзімір караткевіч

 „Гадзінай пазней усе сядзелі і ляжалі на палубе, чэрпалі з жалезкі густую карычневую падліву, вазілі лыжкамі, даставалі церпуговыя галовы, смакталі іх, пляваліся косткамі за борт, мачалі хлеб. Гарэлі мускулы ад працы, твары - ад сонца і солі. І ўсё было смачна - праглынеш язык.

Ламалі гарачыя клюшні крабаў, разгрызалі іх - з рызыкай раздзерці рот да вушэй, - вымалі адтуль тоўстыя валокны белага мяса. 

Елі па-зверску. І радаваліся, што дзень прайшоў хораша, а заўтра зноў пройдзе добра. Сонечны, салёны, марскі.

І дагараў над імі, над сопкамі, залаты захад."

«Шкада, што нельга паказаць гэтага ёй, - думаў Будрыс. - Падзяліцца. Яна радавалася б... Было б тады зусім добра. А так, без яе... Гэта ўсё ж няпоўнае шчасце».

„Было холадна, але гэта быў не той холад, што бярэ за косці, а той, які прымушае глыбока дыхаць, рухацца, адчуваць сябе маладым і здаровым, той, у якім, здаецца, мерзнуў бы і мерзнуў.“

„- Хлопчык мой, бедны мой «уладар»...

Прыціснуўшы галаву жанчыны да сваіх грудзей, ён гладзіў яе цёплыя валасы і плечы.

- Як ты магла?.. Няўжо не бачыла?.. Усё гэта было іначай, зусім іначай. І я кахаю цябе.

- Я ведаю... Ведаю. Ты даруй. Як у цябе сэрца стукае. Хлопчык мой. Любы мой.

Цалавала яго. І ён таксама, амаль у непрытомнасці, лавіў вуснамі яе вусны, вочы і бровы. Ніколі ў жыцці не было пачуцця такой еднасці, такой блізкасці і такога шчасця. І ён ведаў: ніколі не будзе.“


Комментариев нет:

Отправить комментарий