гэты горад знішчыў сябе сам. узняўшыся ў ХІХ стагоддзі з-за развіцця вінакурэння, ён і зараз не страціў выгляду месца, дзе заўсёды злоўжываюць. у кавярнях, барах, рэстаранах, куханьках з амаль што празрыстымі кардоннымі сценамі. тут існуюць нават цэлыя раёны, дзе паўсюль блукаюць збянтэжаныя вачыма з адзіным жаданнем – захліснуцца ў напоі. гэты горад мы звыкла адзначаем у думках як сваю сталіцу.
парадокс у тым, што амаль анічога, што сведчыла б аб мінулым горада, не засталося. нават дарэвалюцыйны будынак «Крышталя» зараз выглядае як чарговы неўдалы эксперымент нашай знакамітай, цалкам знішчальнай «рэканструкцыі». каля яго - дражджавы камбінат – яго ужо зняслі, але яшчэ не «адрэканструявалі». але гэта не замінае меланхалічнай прыгажосці, якая пануе і зараз на гэтай вуліцы – характэрны пах гарэлкі расцёкваецца па Кастрычніцкай і зараз. адбіваючыся ад чырвонай цэглы, раствараючыся ў ёй, пах дасягае Пуліхава і далей...
кожная вуліца ўзімку з надыходам цемры або раніцай пераўтвараецца ў здымачную пляцоўку. ты сам – герой асобнай кінематаграфічнай стужкі.
хутка заімшэлыя будынкі гэтага гораду спасцігне той жа лес, што і Нямігу альбо чыгуначны вакзал – усе яны апрануцца ў шкарлупінне з бетона і таннай фарбы, пад якімі будзе ззяць пустэча. з-за гэтай падставы ты заўсёды павінен браць з сабою фатаапарат, каб зафіксаваць мажліва апошні подых кожнага сустракаемага будынка.
беларусы любяць пакутваць. яны знайшлі сваю сталіцу – сталіцу пакут. менск застанецца ёй назаўжды.
Комментариев нет:
Отправить комментарий